ЧЭ́ШСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1547,

паўстанне ў Чэхіі супраць Габсбургаў. Выклікана падаткавым і рэліг. прыгнётам, ням. засіллем у дзяржаве; спробай Фердынанда I Габсбурга ўцягнуць чэш. саслоўі ў вайну супраць Шмалькальдэнскага саюза (аб’яднанне ням. пратэстантаў). Гал. рухальнай сілай Ч.п. былі каралеўскія гарады на чале з Прагай. Скліканы ў час паўстання чэш. сейм у сак. 1547 зацвердзіў патрабаванні саслоўяў да караля — 57 артыкулаў (рэгулярнае скліканне сейма, права свабодна выбіраць караля і інш.), выбраў з прадстаўнікоў саслоўяў правіцеля каралеўства і вярх. гетмана. У адказ войскі Фердынанда I у ліпені ўзялі ў аблогу Прагу. «Крывавы сейм» (жн. 1547) замацаваў перамогу Габсбургаў. 4 кіраўнікі паўстання пакараны смерцю, каралеўскія гарады заплацілі кантрыбуцыю, страцілі прывілеі; права на скліканне сеймаў і выбранне вышэйшых службовых асоб было замацавана за Габсбургамі.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)